Не сябруем з матэматыкай
Матэматыка – гэта гімнастыка для розуму, якая фарміруе і развівае здольнасць мысліць лагічна і разважаць аргументавана. У матэматыцы, як і ў спорце, нельга дасягнуць поспеху пад час пасіўных назіранняў за дзеяннямі іншых. Патрэбны сістэматычныя напружаныя практыкаванні, што звязаны з работай думкі, пад уздзеяннем якіх дзіця паступова пачынае авалодваць спачатку самымі простымі, а потым усё больш складанымі разумовымі аперацыямі. Натрэніраваны такім чынам мозг пачынае ўдасканальвацца. Гэта і ёсць самы каштоўны вынік вывучэння матэматыкі.
Найважнейшае з патрабаванняў – катэгарычная забарона на ўжыванне слоў (матэматычных тэрмінаў), дакладнае значэнне якіх невядома. На практыцы складваецца зусім іншая сітуацыя. У пачатковых класах аб’ём вучэбнага матэрыялу зусім невялікі, ён без асаблівых інтэлектуальных намаганняў і затрат часу паддаецца механічнаму завучванню.
Часта дзеці пры адказе або рашэнні задач дзейнічаюць па завучанаму шаблону-ўзору. Аднак паступова складанасць і аб’ём інфармацыі. Якую трэба засвоіць, павялічваюцца. Бессістэмнае запамінанне патрабуе ад малодшага школьніка вялікіх намаганняў, у выніку чаго матэматыка становіцца для яго настолькі цяжкім прадметам, што вывучаць яго ўжо зусім не хочацца. Такую інтэлектуальную пасіўнасць дзіцяці дарослыя нярэдка прымаюць за ляноту або няздольнасць да матэматыкі, але здарылася тое, пра што звычайна гавораць: “Ён запусціў матэматыку”. Але больш дакладна казаць: “Мы запусцілі матэматыку”.
Бацькам трэба памятаць наступнае:
- У матэматыцы галоўнае – зразумець, а не запомніць, тым больш, што сэнсавая апрацоўка вывучанага матэрыялу забяспечыць адначасова і тое, і другое.
- Калі дзіця дрэнна засвоіць матэматыку ў пачатковых класах, то не варта спадзявацца на яго далейшыя поспехі ў сярэдніх і тым больш у старэйшых класах.
- Добрыя адзнакі і правільныя адказы на стандартныя пытанні “Колькі будзе?” і “Як знайсці?” яшчэ не даюцьпоўнай гарантыі таго, што з матэматыкай у сына або дачкі ўсё будзе ў парадку.
- Малодшаму школьніку абавязкова патрэбна дапамога дарослых. З-за ўзроставых асаблівасцей ён не можа ацаніць якасць сваіх ведаў, што перашкаджае трываламу засваенню вучэбнага матэрыялу.
Дапамагаць дзіцяці па матэматыцы – гэта значыць садзейнічаць развіццю яго інтэлекту і самастойнасці. Нараджэнне думкі стымулюе пытанні, таму бацькам нельга спяшацца з падказкамі, што і як зрабіць, каб выканаць тое ці іншае заданне. Трэба ўмела пастаўленымі пытаннямі дапамагчы маленькаму вучню справіцца з заданнем самастойна. Навадныя пытанні не толькі арганізуюць дзяцей, але і дазваляюць бацькам даведацца, наколькі глыбока і дакладна малодшы школьнік разумее т ое, што ён робіць. Такія пытанні часцей за ўсё пачынаюцца словамі чаму, навошта, адкуль, калі, дзе, радзей што і колькі.
Каб ацаніць глыбіню разумення і якасць засваення матэматычных ведаў, трэба праверыць адпаведнасць практычных дзеянняў дзіцяці пры рашэнні задач прапанаваным малюнкам, схемам і чарцяжам. Напрыклад, калі вучань пры рашэнні задачы “Ад вяроўкі адрэзалі 10 м, што складае адну пятую яе частку. Якая даўжыня вяроўкі?” знаходзіць адказ пры дапамозе дзеяння дзялення, то ён або зусім не думаў, або разважаў няправільна. І нават калі малодшым школьнікам для рашэння прыведзенай задачы будзе абрана дзеянне множання, то сын або дачка павінны растлумачыць, чаму рашылі задачу менавіта так. Спасылка на правіла ў падручніку – добры аргумент, але не самы пераканаўчы. Папрасіце дзіця намаляваць адрэзак (вяроўку) і на ім растлумачыць: што ў задачы вядома, што трэба знайсці, чаму неабходна множыць. Такая практычная работа дапаможа вучню лепш зразумець задачу і спосаб яе рашэння, а даросламу – ацаніць узровень засваення дзіцем вучэбнага матэрыялу.