Дрэнна чытаем
Калі дзіця дрэнна чытае або не любіць чытаць, то гэта вельмі засмучае бацькоў. Навык чытання – залог паспяховага навучання. Каб развіць у дзяцей цікавасць да чытання, настаўнікі-практыкі прапануюць бацькам шэраг рэкамендацый.
Тэксты для чытання павінны адпавядаць вопыту дзіцяці, быць эмацыянальна насычанымі, пазнавальнымі. Варта даць сыну або дачцэ права выбару матэрыялу для чытання ў залежнасці ад іх захапленняў, настрою і нават самаадчування.
Для развіцця цікавасці да чытання трэба ствараць сітуацыю поспеху, падтрымліваць у дзіцяці веру ў тое, што ўсё атрымаецца. Гэтаму спрыяе самазамер хуткасці чытання. Штодзённа на працягу адной хвіліны малодшыя школьнікі чытаюць тэксты, пералічваюць прачытаныя словы і запісваюць вынікі. Параўнанне вынікаў праз тыдзень пакажа, ці павялічылася хуткасць чытання.
Паспяховасць у навучанні чытанню шмат у чым залежыць ад матывацыі дзейнасці дзіцяці. І наадварот, менавіта поспех стварае матыў: “Я хачу чытаць, бо ў мяне атрымліваецца.”
Нельга патрабаваць ад дзіцяці: “Пакуль не прачытаеш хутка і без памылак, з месца не ўстанеш!”. Канешне, бацькам хочацца, каб сын або дачка навучыліся добра чытаць літаральна за тыдзень, але нельга прымушаць дзіця доўгі час сядзець за кнігай, злавацца, калі ўтосьці было прачытана няправільна, бо фізічная стомленасць і напружанасць разам з папрокамі і вымовамі могуць увогуле адвярнуць малога ад кнігі. Пажадана, каб дзіця чытала ўголас нядоўга. Даказана, што важна не працягласць чытання, а частата практыкаванняў. Найлепш, калі гэта будзе штодзённае шматразовае, праз адну-дзве гадзіны, пяціхвіліннае чытанне з пераказам зместу прачытанага. Добрыя вынікі дае чытанне перад сном, бо менавіта апошнія падзеі дня фіксуюцца эмацыянальнай памяццю чалавека.
Штодзённыя практыкаванні ва аўдзіраванні значна палягчаюць фарміраванне навыку чытання, бо калі вучань пачатковых класаў напаўголасу чытае разам з дарослым або сочыць за яго выразным нетаропкім чытаннем, звяртаючы ўвагу на інтанацыйную выразнасць, паўзы і лагічны націск, то хуткасць успрымання графічных знакаў, а значыць, і хуткасць чытання дзіцяці павялічваюцца. Калі малы “сфальшывіць”, то патрэбна прапанаваць яму зноў прачытаць тое месца, дзе была зроблена памылка.
Вучняў 1 – 2 класаў нельга прыспешваць пры чытанні. Паспешнае чытанне, як правіла, неўсвядомленае. Пераадольванню цяжкасцей спрыяе ашчадлівы рэжым чытання. Дзіця чытае 1 – 2 радкі і атрымлівае кароткачасовы адпачынак. Гэта магчыма пад час прагляду дыяфільмаў, пры чытанні кніг серыі “Для маленькіх”: малодшы школьнік адпачывае, калі знаёміцца з ілюстрацыямі, якія папярэднічаюць чытанню, і рыхтуецца да ўспрымання наступных сказаў.
Каб прывучыць сына або дачку да самастойнага чытання, можна каму-небудзь з дарослых пачаць чытаць кнігу ўголас і спыніцца на самым цікавым месцы. Захоплены жаданнем даведацца, што адбудзецца далей, малодшы школьнік у большасці выпадкаў працягне чытаць самастойна. Пасля патрэбна абавязкова спытаць, пра што ён прачытаў, пахваліць і выказаць спадзяванне, што дзіця і надалей будзе чытаць самастойна. Можна расказаць цікавы эпізод з твора і замест адказу на пытанне малога “А што было далей?” прапанаваць дачытаць самому.
Вельмі добра, калі ў сям’і практыкуецца дамашняе чытанне ўголас. Працягласць такога чытання павінна складаць 20 – 30 хвілін, каб пазбегнуць ператамлення маленькага вучня.
Аб прачытаных кнігах трэба размаўляць з дзіцем.
Увага. Падтрымка, зацікаўленасць бацькоў у поспехах сына або дачкі нададуць дзіцяці ўпэўненасці ў сабе. Добразычлівая, роўная і спакойная абстаноўка добра ўплывае на самаадчуванне малога і дапамагае адолець цяжкасці ў навучанні.