Дамашнія заданні
Часам у малодшых школьнікаў, нават у тых. Хто добра вучыцца, узнікаюць цяжкасці з дамашнім заданнем. У такім выпадку бацькам трэба даведацца, ці можа дзіця само справіцца. Калі не, то яму неабходна дапамагчы. У першыя месяцы навучання пры выкананні дамашняга задання пажадана пасядзець разам з малым, але не для таго, каб падказваць, думаць за яго або папракаць за няздачы. Неабходна пракантраляваць, ці своечасова вучань сеў за ўрокі, ці правільна паклаў сшытак, ці ўважліва ставіцца да справы. Мэтазгоднапрывучаць пачынаць выкананне ўрокаў у адзін і той жа час, навучыць правільна ставіцца да свайго рабочага месца, дзе ў адпаведным парадку захоўваецца ўсё неабходнае для выканання дамашняга задання.
Важна прасачыць, каб дзіця пачынала работу з тых прадметаў, што былі ў раскладзе сёння. Гэта дазволіць вучню не забыць тлумачэнне новага матэрыялу, правілы выканання заданняў і да т. п. Адразу цалкам выконваць заданне не абавязкова, нават будзе лепш, калі малодшы школьнік вернецца да яго яшчэ раз, за дзень да ўрока.
Пачынаць выкананне дамашняга задання пажадана з цяжкага для вучня прадмета. Нельга пры гэтым забываць і пра чаргаванне вусных і пісьмовых заданняў. Неабходна памятаць, што перад выкананнем пісьмовых практыкаванняў трэба абавязкова паўтарыць адпаведныя првілы.
Пад час перапынкаў у падрыхтоўцы па асобных прадметах нельга дазваляць дзецям глядзець тэлевізар, гуляць на камп’ютэры і г. д.
Нельга дазваляць сыну або дачцэ чакаць бацькоў з працы, каб разам сесці за ўрокі. Да гэтага часу малыя будуць ужо стомленыя. Дарослым трэба памятаць, што час выканання дамашняга задання павінен супадаць з пікам разумовай актыўнасці дзіцяці ( 15 гадзін).
Прывучаць дзіця працаваць з чарнавіком трэба толькі ў тым выпадку, калі яно не ўпэўнена ў правільнасці свайго рашэння, і для таго, каб была магчымасць лепш усвядоміць матэрыял.
Каб навучыць дзіця абапірацца на ўласныя веды і абыходзіцца без падказак, можна выкарыстоўваць завуаліраваную дапамогу. У гэтым выпадку бацькі могуць сказаць наступнае: “Ты памятаеш, канешне, што лепш пачаць з ...” або “Больш зручна зрабіць ...” і да т. п.
Можна авансам пахваліць малога, гэта павысіць веру ў свае сілы: “У цябе, такога стараннага, абавязкова ўсё атрымаецца...”.
Нельга прад’яўляць да выкананых малодшым школьнікам заданняў празмерныя патрабаванні. Ацэньваць найлепш не ўсю работу, заданне, а асобную частку: “Асабліва табе ўдалося...” і г. д.
Малым трэба самім кантраляваць выкананне дамашняга задання, гэтым прыёмам навучаюць у школе, але дома бацькам неабходна падахвочваць дзяцей да самаправеркі і сачыць за развіццём самаацэнкі сына або дачкі. Праверка дамашняга задання не павінна насіць фармальны характар, яе мэта – развіваць і стымуляваць да навучання.
Калі дзіця не жадае выконваць дамашняе заданне, то на дапамогу можа прыйсці гульня. Сумесныя з бацькамі гульні (паведамленне цікавага факта, спланаваная памылка дарослага або “няведанне” якога-небудзь матэрыялу і г. д.) дазваляюць пазаймацца дадаткова.
Усе дамашнія заданні вучань павінен выконваць абавязкова. Нават калі не быў у школе, каб не з’явіліся недахопы ў ведах. У сям’і неабходна стварыць атмасферу добразычлівасці, узаемаразумення, тады выкананне дамашняга задання ператворыцца ў цікавы працэс.